Аленю здзіўлення аб скалы адчаю
разбіцца ў запале.
Ледзь Вашая ўсмешка ўзыдзе — ўхвал
загрыміць абвал.
Але, асмялеўшы ад страху,
выводжу світальнае Але.
Дзень у раніцу закахаўся,
Развярэдзіўся, раскалыхаўся.
Толькі раніца не чакае —
Пасміхаецца і ўцякае.
Дзень да вечара выглядае:
Дзе няўлоўніца маладая?
Усё жыццё — туга па тым жыцці,
Якое пачыналася з калыскі,
Дзе космас быў, як курасаднік, блізкі,
Дзе льга было адказ на ўсё знайсці.
I на куце сядзелася куцці.
I смачна елася крупеня з міскі.
I цёплы дотык туманковай пыскі
Ішоў услед за ценем па лісці.
Смех недагнаных дзён гучыць далёка,
Як шаргунок вясельны пад дугой.
I першую слязу не помніць вока.
Адгадцы хочацца здзівіць загадку.
Жыццё з жыццём мяняецца тугой.
Душа чакае ўсё пачаць спачатку.
Да роднага парога на паклон
Ідуць усе парогі і сцяжыны,
Яны хутчэй спяшаюцца з чужыны,
Як у спякоту статак на паўдзён.
На ім добраславенне і заклён,
На ім сякеры след і след птушыны,
Цень ад даёнкі і ад дамавіны,
Яго пераступае звон і сон.
Не абмінае навіна благая —
Нібы нясе ў прыгоршчах вугалі.
Яму высокі ганак прысягае.
Сябе шукае згубленае ўчора.
I плечы разгарнуць няма калі.
Парог згарбеў ад радасці і гора.
I яблыкамі б'е паклоны сад.
Сад у гадах і з радасцю ратая
Скупой зямлі яе дары вяртае,
Кунегай зорак поўнячы пагляд.
Сад, як сям'я, дзе не бывае звад,
I толькі згода, шчырасцю святая,
Над душамі зялёнымі світае.
I на куце спакой сядзіць, як сват.
Сад, кшчоны скразнякамі й перунамі,
У лес, дзе ўся паганская радня,
Вяртаецца і снамі, і лістамі,
Што ўсім чытае яблынька лясная.
А ўночы вышыня, як птушаня,
На далані у саду засынае.
У блізкім небе спавядаўся дым.
Гады, як недасушаныя дровы,
Гарэлі, каб мякчэў агонь суровы
I грэўся лёс пры вогнішчы рудым.
Мароз адно свой гонар цешыў тым,
Што зводзіліся цэлыя дубровы,
Каб чым было чарніць завеям бровы,
Раіцца іскрам — пчолам залатым.
Пусцеюць і дрывотні, і павеці,
Гамонку лісця ўспамінаюць пні.
Сцюдзёна ў хаце дзён, і зябка ў свеце.
I мулка ў берагах прысталай плыні,
I ўсё душа чакае цеплыні.
I прысак, як сумёт, паціху стыне.
Бацькоўскі стол у хаце гаспадар.
Сям'ю гуртуе ды гасцей частуе.
I, наліваючы сыту густую,
Салодзіць хмель, як шчодры вінадар.
Свой у святкоў і ў будняў каляндар,
I стол спагадай гонар іх ратуе.
Калі няўедна голад залютуе,
Аплаткай поўня ляжа на алтар.
Алтар стала, настольнікам засланы,
У хаце, як у стомленай царкве,
Прыручаны набожна да пашаны.
Сядзіць тут, галаву падпёршы, доля,
I столь, як неба, над сталом плыве,
Пакуль галосіць і пяе застолле.
А тут набытае пакінем тут.
Там давядзецца ўсё пачаць нанова.
А ці спатрэбіцца там нават слова,
Каб абжываць незразумелы кут.
Глухога бытавання марны хлуд
Рос палынова, ціснуў валунова.
А там, відаць, няўлоўная выснова
Цяжэй гнясціме воблакам пакут.
Таму туды раней за нас матулі
Ідуць, каб зноў вучыць сваіх малых,
Каб там на іх нядобра не зірнулі.
Мы там прыдбаем звычкі незямныя,
Набудзем іншы зрок ды іншы слых,
Сябе забудзем, а душа заные.
Палае жарсцю стрыманай агмень.
Маўчыць лянота, ўцёкшы ад знямогі.
У шыбу б'ецца маладзік двухрогі,
Ён хоча свой сагрэць халодны цень.
Вітае цемру першую пламень,
Яна прысела ля агню з дарогі.
Ахвотна абабіўшы ўсе парогі,
Субожыўся і замаўкае дзень.
Спачыць каля бацькоўскага агменю
Душа аднойчы хоча як нідзе,
Удзячная свячэнню й прызначэнню.
I хата — маладая маладзіца,
За пазухай агмень схаваўшы, йдзе
За небасхіл спакою пакланіцца.