I яблыкамі б'е паклоны сад.
Сад у гадах і з радасцю ратая
Скупой зямлі яе дары вяртае,
Кунегай зорак поўнячы пагляд.
Сад, як сям'я, дзе не бывае звад,
I толькі згода, шчырасцю святая,
Над душамі зялёнымі світае.
I на куце спакой сядзіць, як сват.
Сад, кшчоны скразнякамі й перунамі,
У лес, дзе ўся паганская радня,
Вяртаецца і снамі, і лістамі,
Што ўсім чытае яблынька лясная.
А ўночы вышыня, як птушаня,
На далані у саду засынае.