Дарадца высокі

Яшчэ не ацэнена

Дарадца высокі, святы Езафаце,
Зірні на спаганены край,
Адчуй сябе ў кожнай душы,
Як на свяце,
Знявераных не дакарай.

У любасць да бліжніх —
У моцныя латы
Адданцаў сваіх апрані.
Малітваю шчырай жывуць уніяты,
Бароняць свае карані.

Здымі з крывічоў багавейных пракляцце,
Хай зоркі адлічваюць час.
Заступнік пакутны, святы Езафаце,
Напомні нябёсам пра нас.