Яну Паўлу II І * * * Укленчыць і прыпасці да рукі, Якая свет мудрэць добраслаўляе. Адчуць, як ціхамірацца вякі, Як у душы зняможанай світае. Прыняць ружанец з дарчае рукі — Замроеныя пацеркі Сусвету. Пачуць сустрэчы голас трапяткі, Ўваскрэслы светла Ў словах Запавету. Сцяжынай з-пад ускрыленай рукі Ісці, ані зважаючы на стому, Да маладой нябеснае ракі, Якая смутак і ўзнясе на строму. Бо багавейна нагадалі ксты, Што недасяжна блізкі Дух Святы. *** Качае словы, быццам камяні, А не таму, што падупаў гадамі. Адзін ён чуе Голас вышыні I думкі небакрылыя гайдае. Ён бачыць нам нябачныя сляды. Ён Голас слухае душою нашчай. Уся зямля — Суцэльныя клады, А мы яе вялічым хатай нашай. Ён нашыя адмольвае грахі У Звышняга. I воляй незямною Зло хоча супыніць, Ды люд глухі I дзякуй не сказаў Дагэтуль Ною. Сагрэты сном сусветных завірух У ім з’аблічваецца Вышні Дух. *** Калодзежы святла, Як нашы вочы — Калодзежы зняверанага тла Глядзяць у глыбіню I па-сірочы Чакаюць абяцанага святла. Яна халодная, Зямля сырая, — Надзейны схоў ад мітусні зямной, У вечную ўсыпальню забірае Труну душы, Спавітую манон, Спавітую наіўным спадзяваннем, Што цень жывы Свой цень перажыве. Усе мы на зямлі самохаць вянем, Зайздросцім вечна маладой траве. Здаецца, нашы цені ўжо былі У катакомбах — звілінах зямлі. *** Крыж — вольны птах, Застыглы на імгненне, Каб пераняць разнасцежанасць рук. Цвікі напоўняць болем кожны рух. Саломай пераломіцца праменне. Паразумецца сподзеў і спакора Паспеюць, Быццам ядры спарыша. I адляціць у немаведзь душа, I захлыне мальбу людское гора. I ў далеч павандруюць небасхілы, I хмарамі прыкінуцца снягі, I ад знячэўнай роспачы й тугі У птаха ціха анямеюць крылы. Каб забыццё не ведала мяжы, Жагнаюць неба смутныя крыжы. *** Сабе самому любіць сон прысніцца. Не хочацца настрою быць старым. Як воклічы, Ўзляцелі камяніцы, Нябёсы ў здзіве выдыхнулі: — Рым! Тут Вечнасць прыдрамала на хвіліну. Ўсяму жывому трэба перадых. Спакою цяжка вырвацца з нахлыну Гадоў і парыванняў маладых. Зялёным сном пазасыналі стоды, I Тыбр прыручаны пазелянеў. Наблізіцца да ранішняй лагоды Не мае смеласці ўначэлы гнеў. Ратунак нашых душ, як пілігрым, Шляхамі выраяў імкнецца ў Рым. *** Белакрылы анёл I анёл чарнакрылы. Белакрылая чайка I чарнакрылы кажан. Дні відушчым святлом Маладзяць небасхілы. Ночы змрокам сляпым Смутак зводзяць у зман. Ад святла аддзяліў Усявышні цямрэчу, Надзяліў мілатой Нашых воч прамяні. I спяшаецца час З досвіткам на сустрэчу. І хапае для зор I для дум вышыні. Белата з чарнатой Узаемна жывыя. Рэха збытлівых мрой Б’ецца памяці ў скронь. Завіруха рашучасці Ўзрушана вые. Чым чарнейшая ноч, Тым зырчэйшы агонь. Прагне ўсё, што расце, Перш чым станецца тлом, Як даўжэй быць аблашчаным Ціхім святлом. *** Памаўчаць са здарожаным смуткам разам Ля ўсыпальні пакутніка Езафата, Адчуваючы, што незавершаным сказам Замаўкаць пачынае жыццёвае свята. Так, жыццё — гэта свята Здаровага цела I душы несуцешнай дасконная праца. Ты наважыўся жыць, А жыццё праляцела, Хоць запомніць сябе хочацца пастарацца. Радасць мёртвая, Толькі пакуты жывыя. Вечнасць вечная Толькі сваім нябытам. Праплываюць высока аблокі сівыя — Сны, саснёныя глыбіннадумным блакітам. Толькі вера трываліць душу на пакуты. Голас вернасці верыць, Што будзе пачуты... II *** Высока ў небе слова — птушкам лёсу. Глыбока ў моры слова — рыбам плёну. Раздольна ў полі слова — ветру славы. Прароча ў ночы слова — зоркам сноў. Што не збылося, ўсё пераплялося. А што збылося, шле хвалу палону, Бо ў самаіснасці палон ласкавы. Наноў пачнецца свет Са Слова ЗНОЎ. *** I неўміручы памірае, Каб уваскрэснуць. Жыццядар Яму пялегваць давярае Ў далонях Зорнай жарсці жар. I покуль жар незадзіманы Сузорыцца, Жывы жыве. Гараць вякам Хрыстовы раны. Студзіць іх Сум здалёк плыве... *** Крыж і якар На сцяне ўсыпальні. Прыляцелі душы на спачын. Клопатаў зямных Чаўны прысталі. Толькі жалю жураўліны клін У нябёсах змораных курлыча. А ў настылай цішыні дарма Немата забыты голас кліча, Бо не чуе ўжо сябе сама. А пад сонцам З мудрымі вякамі Ані нагаворацца вятры. I крыжы пасталі ветракамі. Развінаюць крылы якары. I крыжы, і якары на волі Па сваіх памкненнях сваякі. I згінаюцца рукою долі Ў дрэва росту ломкія сукі... *** Канец такі ж небяспечны. як і пачатак. Ян Павел II Пачатак нецярплівы, трапяткі, Яму хутчэй адбыцца нецярпіцца. Крыніца, каб знямозе даць напіцца, Спяшаецца прабіцца праз пяскі. У дзюбах чорны сум нясуць крукі. Жывіць сасну не томіцца жывіца. Завязвае развага вузялкі. Дым думае, як пад аблокі ўзвіцца. Канец спакойны, хочацца яму Перахітрыць няўмольную куму I ля цяпельца кайнасці пагрэцца. Час пасвіць незлічоных дзён гурму. Няспыннасць, пэўна, ведае, чаму Канцу з пачаткам новым не сустрэцца. *** Як ішоў малады Хрыстос, На зямлі ўсё жывое не спала. Не спяшаўся здзейсніцца лёс, Гамана цішэла падтала. Як на Млечным Шляху, Сляды На знямелым пяску гарэлі. Адступаліся халады — I зямныя грахі старэлі. Дзе ступаў – Там святло расло. Дзе стаяў — Смялела лагода. Усміхацца вучылася зло. Быць шчаслівай хацела нагода. На зямлю сышоў назаўжды, Каб наблізіць вечныя далі. I святыя Хрыстовы сляды Душы верніцкія захавалі. *** Адразу з Горада Вечнага ў горад спаконны, Дзе цягнуцца ў неба сумныя гмахі соснаў, Да цябе прыйшоў я з паклонам, Мама. Ва ўсіх урачыстых бажніцах Маліў Усявышняга, Каб душы тваёй паслаў супакой. ...Ты несла мяне да ксяндза, Гнанага бязбожнай уладай. Касцёлам трывожным было Вушацкае наша неба. I пасланы лёсам святар Святлом Святога Крыжа Багаславіў мяне на дарогу ў Рым. ...I вярнуўся я з пілігрымкі, Каб падзякаваць, Мама, табе I вушацкаму роднаму небу. Словы, якія пачуў я Ад айца свяцейшага ў Рыме, Перакажу табе Пры сустрэчы... *** Можа, з Беларусі гусі шэрыя Рым уратавалі. I таму так На змярканні потайна вячэрае Лустай поўні Пілігрымскі смутак. I нашчадкі тых гусей далёкія Ў вырай рупяцца Над нашым краем. Думкі звечарэлымі аблокамі Ўслед плывуць. Анёлы трызняць раем. Тут спакоем сена сноў растрэсена. Кнігаўка Над кнігай лёсу плача. — Рым! — Рыпіць расчулена бярэзіна. Шэпча стрыманы чарот: — Ву — ша — ча...