У блізкім небе спавядаўся дым.
Гады, як недасушаныя дровы,
Гарэлі, каб мякчэў агонь суровы
I грэўся лёс пры вогнішчы рудым.
Мароз адно свой гонар цешыў тым,
Што зводзіліся цэлыя дубровы,
Каб чым было чарніць завеям бровы,
Раіцца іскрам — пчолам залатым.
Пусцеюць і дрывотні, і павеці,
Гамонку лісця ўспамінаюць пні.
Сцюдзёна ў хаце дзён, і зябка ў свеце.
I мулка ў берагах прысталай плыні,
I ўсё душа чакае цеплыні.
I прысак, як сумёт, паціху стыне.