Коця-браце

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Вокам яшчэ не патухлым
Зірнуў на мяне,
Перш чымся яго патушыць,
Міроне!
Магу паскардзіцца
Толькі сваёй віне,
Што я зрабіўся самотнікам
Сёння...

Ты пайшоў,
Каб спяваць Васілю курню
Па-вушацку стрымана і прачула.
Коця-браце,
Адведай усю радню,
Што ў вушацкай зямлі заснула.
Там твой цёзка Мірон,
Што на хутары пасвіў кароў,
Бацькаў Вурдаль,
Маміна Каця.
А мяне ты пакінуў
Без успомненых вечароў,
Дзе сон з каптура
Мякка скакаў на палаці...

Зніякавеласць найшла, нібыта
Запрошаная самой зімой...

Дзякуй за тое, што быў ты,
Апошні спагадца мой!