Жабраваць па сваіх руінах...

Яшчэ не ацэнена
                                    I просяць хлеба з руінаў сваіх...
                                                                 Псальм 108:10

Жабраваць па сваіх руінах —
Тое,
Што сябраваць з дварамі.
У забыўлівых прыпамінах
Кленчыць неіснуючай браме.

Жабраваць па сваіх руінах —
Тое,
Што сябраваць з вірамі.
Па абразах ісці й па кпінах
I гавець у разбураным храме.

Вандраваць па сваіх руінах —
Тое,
Што сябраваць з вятрамі,
Што нясуць на далёкіх спінах
Прах дзяржаваў
З рабамі й царамі...