Рукі заломвалі
Скразнякі.
Слухаў я,
Цішы палоннік,
Бяссоннік:
Плакалі ў ціхую ноч
Цягнікі.
Білася кропля
Аб падаконнік.
Вочы світалі твае
Нада мной.
Пальцы спагады
Перапляліся.
Трызнілі
Д’яблы даверу
Маной,
Шалу анёлы
Стаіліся ўвысі.
Ласка твая,
Як праз пальцы
Ручай:
To апячэ,
To сцюдзёна заные.
He прыручыць іх,
Як ні прыручай,
Дзве недаткнёнкі —
Дзве дзічкі лясныя.
Ціша
Хмурынкай найшла праліўной.
Неба спрыяла
Нейкім там вегам.
Пахла адлегласць
Адлегай,
Вясной.
Снежань не мог
Адкупіцца снегам.
Прэч
Асцярога пайшла нацянькі,
Золак займаўся —
Адчаю паклоннік.
Вылі ў працяглую ноч
Цягнікі.
Білася кропля
Аб падаконнік.