Жыву я
Ці толькі шукаю свой след,
Што збег утрапёна.
Адзін я, як і Сусвет —
Мой сусед.
I мне і суседу сцюдзёна.
Я — толькі тая кропля цяпла,
Што ные,
Што вочы мае,
Якую нябыту на тлум аддала
Вячніна няўмольна глухая.
Ніхто не прыгорне
I не прыхіне.
Па звычцы ад продкаў шчырую.
Сырая зямля не сагрэе мяне,
I я не сагрэю сырую...
Пайшоў ад нас пакутнік уніят,
У гэтым свеце гнаны, непрызнаны.
Ён, варты ўвагі нашай і пашаны,
Быў позірку спагадліваму рад.
Займаў з лагодай свой зямны пасад,
Гаіў аблудных душ глухія раны.
У служкі ласкі боскае абраны,
Глядзеў, каб зелянеў людскосці сад.
Ён быў асвечаны ўначы будзённай
Агнём нябесным Уніі святой.
Атожылак рабіўся дужай кронай.
Смялей шумела вернасці дуброва.
Але спагада стала сіратой.
I замаўчала слова святарова...
Злом нявечаны, любосцю пешчаны,
Гадаваны цнотай і абразаю,
Гэты свет
Мне Богам запавешчаны,
За яго, пакуль жыву, адказваю.
Не набыў я набыці для спадчыны,
I не маю куфра кутавекага.
Гэты свет,
Вачмі маімі ўбачаны,
Рызыкую пакідаць на некага.
Як запалкі ад малога некалі,
Ад мяне памалу ўсё прымаецца.
Страшна разлучыць з маёй апекаю
Гэты свет,
Што за мяне трымаецца...