Трэба дома бываць часцей

Яшчэ не ацэнена

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страцiць святое штосьцi.

Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахi.

Не забыць сцежкi той, што цябе
На дарогу выводзiла з дому,
Што ў хаце там быў рубель
У цане i па курсу старому.

Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
I адкуль на стале тваiм
Бохан свежага хлеба пахучы.

Помнiць свой на iржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.

Помнiць кожнай маснiцы спеў,
Кожны кут у прыцiхлай хаце.
Лёсу дзякаваць, што паспеў
Ты пачуць блаславенне мацi.

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
I не страцiў святое штосьцi.