Суцяшэнне

Яшчэ не ацэнена
                  Бо вы, людзі разумныя, ахвоча
                  церпіце неразумных; церпіце, калі хто
                  панявольвае вас, калі хто вас аб’ядае,
                  калі хто вас абірае, калі хто вас за
                  нікчэмнасць мае, калі хто б’е вас па твары.

                                    Другое пасланне Апостала Паўла
                                                      дa карынфянаў 11:19,20

Няўжо цярпець, як і цярпелі мы,
Ці толькі нам стае на ціхасць моцы,
Няўжо нямыты прыхадзень нямы
Чысцейшы, чымся нашыя прамоўцы.

Ці ў роднай хаце, рубленай з вякоў,
Мы будзем глухнуць, быццам кватаранты,
Каб злыдні мелі нас за дзівакоў,
Хвалілі люта: люд вы талерантны!

Каб пастка пашчу шчэрыла шырэй,
Каб рукі ў кайданах былі абедзве,
Каб абіралі нас яшчэ шчырэй,
Нам пакідалі воўчае аб’еддзе.

Каб зброд, няварты нашае гразі,
Меў за нікчэмнасць нас
Ды біў па твары,
Каб здзірца быў у рызе,
Мы — ў рыззі,
Каб мы прасілі ў ката самі кары.

Здаецца, род наш
Радавод вядзе
З таго, калі Гасподзь яшчэ ў лагодзе
Прымеркаваў, каго сяліць і дзе,
Суцешыў крывічоў:
Трывай, Народзе!

Пераганяем мы бяду ў хадзе.
Калі ж Гасподзь трываць нам скажа:
Годзе?!