Памяці Васіля Быкава I Талент — гэта праклён Паласатага д'ябла. Намагаецца плён, Каб душа не азябла. Талент — гэта палон, Не ўцякаюць з якога. Б'ецца ў краты вакон Маладзік крутарога. Талент — гэта амбон, Дзе хацела б вініцца За бязмозгліцу дзён Старасць — смерці двайніца. Талент — ранішні сон, I яго прачынацца Не прыспешвае кон, Покуль рупіцца праца... II Людства — Рэха светлай даўніны. Літасць — Стомленая лютасць змроку. Цяжка чуцца ціхаму прароку На гандлёвішчы глухой маны, Хоць прарок Даваў сабе зарок Абыходзіць вір знявер'я бокам, Цяжка На зямлю сыйсці прарокам. Грэх ступае следам Крок у крок. Людства — Памяць малой віны. Літасць — Спадкаемніца папроку. I чуваць далёкаму далёку Патаемнай кайнасці званы. III Душою не крывілі крывічы, Бо крэўнасць з небадолам адчувалі. I валуны, спыніўшыся на ўзваллі, Нікуды не спяшаліся ўцячы. Пярун — вястун вясны Аб валуны Вайстрыў маланак вывістыя стрэлы. Лясун і аўдавелы й астарэлы Сніў сон, Як восеньскі туман, ляны, На ўскрайку вечнасці Крывіцкі край Абжыты быў паганскімі багамі. I гурбы снегу белымі стагамі Пагрэцца запрашалі зорны грай. Прагаліны сарок Зарокам зім Ратаяў ратных гоняў прывячалі. На гэты свет з'явіцца крывічамі Нябёсы дазвалялі, А не ўсім...