Я да цябе хачу ляцець як снег...

Яшчэ не ацэнена

Я да цябе хачу ляцець як снег,
Але скажы, што будзе, як растану.
Збянтэжыць можа твой спякотны смех
Маю непрашаптаную пашану.

Хачу імчаць на быстрым скакуне,
Але скажы: дзе табуны начуюць,
Я б вецер асядлаў, каб вёз мяне,
Ды табуны вятроў мяне не чуюць.

Хачу на чоўне да цябе плысці,
Але скажы, калі ў ракі ймяніны?
Лёд на вадзе, а берагам брысці
Марудна прывыкаюць успаміны.

Я да цябе лячу, імчу, плыву
У апантаных мроях, снах бяссонных.
Крычу ў вякі, згубіўшы галаву,
I крык сузорыцца ў нябесных схонах.