Ішла над ціхім лесам поўня,
Расы чакалі верасы,
Пад вербамі ў нагрэтым чоўне
Дзяўчына мыла валасы.
Яшчэ худзенькімі рукамі
Вязала мокрыя вузлом,
Усмешка па вадзе блукала,
Хмурынкі возера вязло.
Прасілася у косы стрыжка,
Шаптала з берагам карма,
А косак не хапала крышку,
Каб дзве лілеі утрымаць.
Ледзь-ледзь хавалі зайздрасць хвалі,
Аж закіпалі у трысці,
Мяне і човен падмывалі
Далёка з юнай заплысці.