Марыі Андруковіч — з падзякаю за аер У хаце дыхае аерам, маем. Схаваўшы цень свой пад крысо, Дзяды Траецкія прыйшлі. Мы іх прымаем, Чым маем: — Хоць спачніце ад хады! Маўчаць Дзяды, Маўчаць, як аблачыны, Што мусілі праліцца цішынёй. I прыцемкаў забытых Пух качыны Змятаецца нябеснай даланёй. Траецкі дождж Паволі любіць ліцца, Чакаў, Калі прыйшла пара касіць. Стараецца дарэмна бліскавіца Сама сябе за локаць укусіць...