Сам ворага свайго ствары,
Зляпі яго з калянай гліны.
Вазьмі яго сабе ў сябры
I да апошняе хвіліны
З ім шчыры будзь
I не хітры.
Мець ворага свайго лацвей.
I на самоце, і ў застоллі
Ён твой крумкач і салавей.
Цябе ён не прадасць ніколі,
Ты лагадней ці суравей.
Сябры, вядома, да пары.
Наноў не выдумаеш порах.
Усе бабры сабе дабры.
Калі ты сам сабе не вораг,
Дык ворага свайго ствары!