А тыя, што нас паланілі, песняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі — весялосці... Псальм 136-3 Заваёўнікам трэба песняў Ад нас, Прыгнятальнікам — весялосці. Толькі песня, яна – Не вясельны кутас, Каб дрыжэць у застольнае млосці. Песня вольная Вольную мае душу, Не пяецца ў няволі ніколі. Прастагнаць заваёўнікам Можа імшу, Зачасаць на магіле ім колле. Весялосць захлынецца ад смеху, Калі Прыгнятальнік навек захлынецца. I ўздыхнецца з палёгкаю Роднай зямлі — Аж ад радасці дол скаланецца.