У ноч калядную збяры
Усіх здарожаных, халодных,
Усіх забытых і галодных,
I раздары свае дары.
Усё, што даў табе Гасподзь,
Каб ты апошнім
Мог дзяліцца.
Бо ўдачы гладкая цяліца
Пасецца, каб аддаць стокроць.
Прасі на кут сваіх Дзядоў
Абнашчыцца куццёю поснай,
Каб не шукаць гадзінай познай
У небе памяці слядоў.
Як вогнішча, разварушы
Тугу,
Што пазірае нема.
I ціха вока Бэтлеема
Узыдзе ў поцемках душы.