Усё, як першы і апошні раз —
Відушчы дождж, сляпая завіруха,
На пашы вол,
У небе Валапас,
I самазадаволеная скруха.
I ты,
Які на гэты свет прыйшоў
Здзівіцца ды пачціва развітацца,
Не першы й не апошні з прыбышоў,
Сабе самому здрадлівы дарадца.
Падзякуй мураве і мурашу,
Што будуць варушыцца над табою,
Смялей на волю выпусці душу,
Каб стала ўрэшце
Радасна да болю...