Бацькоўскі стол у хаце гаспадар.
Сям'ю гуртуе ды гасцей частуе.
I, наліваючы сыту густую,
Салодзіць хмель, як шчодры вінадар.
Свой у святкоў і ў будняў каляндар,
I стол спагадай гонар іх ратуе.
Калі няўедна голад залютуе,
Аплаткай поўня ляжа на алтар.
Алтар стала, настольнікам засланы,
У хаце, як у стомленай царкве,
Прыручаны набожна да пашаны.
Сядзіць тут, галаву падпёршы, доля,
I столь, як неба, над сталом плыве,
Пакуль галосіць і пяе застолле.