Твой воблік — твой абраз, твая ікона...

Яшчэ не ацэнена

Твой воблік — твой абраз, твая ікона,
З якой табе пабыць дазволіў Бог,
Каб ні перарабіць, ні збыць не мог,
Каб шанаваў штоночна ды штодзённа.
У вечнасці, якая тлом зашклёна,
Папросішся пераступіць парог,
Тваю ікону цемрай зробіць лёх,
Што апраметную завуць сцюдзёнай.

Нясі з падзякай небу свой абраз,
Каб у лампадах воч агонь не згас,
Пакуль цябе зямля маўкліва носіць.
Калі цябе, як сноп з палёў жуды,
Прытуліць з непрасохлых дошак восець,
Ікону возьме нехта малады.