З улоння дзянніцы падобнае да расы Тваё нараджэнне. Псальм 109:3 I за расу, і за слязу нічога Чысцейшага няма. Раса сама Нагорнецца на вока Пана Бога, Не разбурыўшы воблік абраза. I на зямлі, далёкая ад бруду, Раса зайздросціць Зерню на сяўбе. Падлеглая паўторанаму цуду, Расінка Сонца носіць у сабе. Раса й краса З нічога не ўзнікае. Лёс крочыць пеша. Воз сябе вязе. I радасць, Як рачулка гаваркая, Смяецца і ў расінцы, I ў слязе. Вераадступніка чакае згуба. Самапрысуд — Як брытва ў два лязы. Пяшчоціцца ў расінцы Сонцу люба, I ўтульна роспачы На дне слязы.