Дні чалавечыя — як трава... Псальм 102:15 А веку таго — Ад касы да касы, Таму так спяшаецца раскашавацца Надзея ў руні на каласы, Надзея ў рэха на галасы. Траве застаецца адно — Хвалявацца. Травой зарастуць I разлогі, й лугі. Адскочыць атава Спаткацца з касою. Як восень, пажоўкне Трава ад тугі. Успыхнуць зялёнааблочна Стагі, Загарыцца расе Паўтарыцца красою.