Вярнуць у незабытае сябе...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Вярнуць у незабытае сябе,
Забыцца на трымценне, на пакуты.
Пазнаць нанова кожны гук пачуты.
I быць абдзеленым на той дзяльбе,
Дзе доля дзеліць зерне на сяўбе.
Глынуць саманадзеянай атруты,
Так захмялець, каб траўнем здаўся люты,
I недавер даверыць варажбе.

Але вяртанне кпіць з сябе самога.
Чаканне зачакалася дарма.
Сустрэць блуканца выбегла дарога,
Ды заблудзіла ў сне за небасхілам.
I ты адчуеш, што цябе няма
Там, дзе туман астыў салодкім пылам.