Вязні — як вузялкі...

Сярэдняя: 5 (1 голас)
                                    Каб пачуць стогны вязняў...
                                                            Псальм 101:21

Вязні — як вузялкі
На вяроўцы пакуты.
Не парвецца ў ратужнай вяроўкі
Цярпенне.
Будуць небам
Нявінныя стогны пачуты.
Душы праведных
Знойдуць сцяжыну збавення.

Шыю катаву,
Як маладая каханка,
Абаўе непаслабна
Вяроўка старая.
Стануць цені ахвяраў
Ля вечнага ганка.
Хто нявінных гняце,
Тога Бог пакарае.

Стогны вязняў
Да сэрца прымае цямніца.
Ды ў няволі каменнай
Каменная воля.
Стогну вязняў
I здрада, і ўлада баіцца.
Ў нетутэйшага дрэва
Згінаецца голле.