Калі я пайду далінай смяротнага ценю... Псальм 22:4 Са мной паміраціме Цень мой жывы. I цень мой Нябожчыкам стане таксама, Зачыніцца глуха нябесная брама, Не ўбачу ў даліне Ні хмар, ні травы. Паселіцца вечная ноч уваччу. Сваё адхвалююся, Адлетуценю. У змрочнай даліне Смяротнага ценю Я з ценем сваім развітацца хачу. Бо цень быў Напарнікам мне і віжом, Сачыў, віжаваў, Дзе б ні жыў пры святле я. У зябкай даліне I цень мой скалее, Не выпырхне ні вераб'ём, Ні стрыжом. На сцежцы стаптанай I на ярыне Кунежна слядам I нястрымна трымценню. I покуль жывы, давяраюся ценю, Бо ценіцца цень I дрыжыць за мяне.