Песня над песнямі Саламонава

Яшчэ не ацэнена

ПЕСНЯ ПЕРШАЯ

Хай мяне абцалуе ён
Цалаваннем вуснаў сваіх!
Бо пешчы твае хмялейшыя за віно.
Ад пахучасці масцяў тваіх
Твайго ймя дасконны палон.
Як міра разлітае
Нябёсам на дно яно.
За нявытхнутае, аблачыністае
I кахаюць цябе дзяўчыністыя.
Памкні мяне, пабежымо за табой.
Кароль павёў мяне да сваіх харомаў.
Будзьма радавацца і цешыцца
Сэрцаў нашых салодкаму грому,
Небаўзносячыся хвалой.
Бо за віно, якое забыць сябе не дае,
Мацнейшыя пешчы твае.
Годныя цябе кахаюць,
Аж у журбе засыхаюць.
Дочкі Ерусалімскія, я чарнявая,
Але прыгожая, гожая,
Як кідарскія буданы,
Як заслоны Саламонавы.
Я ж не з чужой стараны,
Жарсць мяне запалоніла
У спякотлівыя палоны.
Не дзівіцеся, што чарнявая,
Гэта сонца мяне асмуглявіла.
Угневаліся на мяне матулі маёй сыны
I паставілі мяне, беспрытульную, яны
I ўдзень і ўначы
Вінагараднікі сцерагчы.
Пільнавала ад святла й да святла,
Свайго ж вінагарадніка не ўсцерагла.
Скажы мне, душы маёй паняты,
Дзе пасвіш ты,
Дзе ў паўдзён твой спачывае ўздых?
Чаго мне быць валачомнай датклівіцай
Каля статкаў аднаклапатліўцаў тваіх?
Як не ведаеш гэтага, найпаглядзістая з жанок,
Дык ідзі сабе па слядах авец наўдагад
I ля пастухоўскіх стомленых буданоў
Пасві сваіх казлянят.
Жарабіцы сваёй у фараонавай калясніцы
Спадобіў цябе я, мая каханая,
Аздобіў шанаю.
Шчокі твае ў падвешках
Раскашуюцца ў кунежлівай харашбе,
Шыя твая ў каралях, зашаптаных хвалебнамі.
Залатыя падвешкі мы знядзелім табе
З зіхацінкамі срэбнымі.
Покуль цар за сталом сваім цараваў,
Нард мой свой пах выдаваў.
Міровы пучок — каханы мой — у мяне
Хай ля грудзей маіх супачне.
Як гронка кіпера, каханы мой у мяне
У Енгедскіх вінаградніках,
Дзе заплаканай лазе балазе ў гамане.
О, ты чароўная,
З зоркай раніцы роўная,
Мая каханая,
Ты шчыміш на сэрцы маім жаданай ранаю.
Ты адзіная,
Як рэчка ў радасці ціхаплынная.
Глядзяць у маю душу вочы твае галубіныя.
О, ты чароўны, каханы мой, і адзіны.
I ўзложжа нашае — зялёная зеляніна.
Стрэхі нашых дамоў —
Кедраў кроністыя абрысы.
Столі нашыя — станістыя кіпарысы.

ПЕСНЯ ДРУГАЯ

Я ружа шаронская, лілея далінаў.
Як лілея між церняў,
Між дзяўчыністымі мая адзіная.
Як яблыня спаміж лясінаў,
Спаміж маладзёнаў і мой адзіны.
Люблю сядзець пад аслонаю ейнага ценю.
I ейная садавіна салодкая майму паднябенню.
Ён прывёў мяне ў дом застолля,
Дзе, нямоцячы наваколле,
Балявала сама ягамосць весялосць.
I сцяг ягоны нада мною — мілосць.
Пасіліце мяне віном, яблыкамі падкрамяніце.
Доля мая такая,
Ад мілосці я знемагаю.
На лявіцы ягонае галава мая,
А правіца бяссонная мяне абдымае.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Сарнамі й палявымі ланямі,
Не будзіце маю каханую,
Не трывожце адхлання.
Голас каханага! Вось ён ідзе мой самы.
Скача па горах, па ўзгорках гайсае.
Мой сябра падобны да сарны
Ці да маладога аленя.
Ён — маё трапяткое ўтрапенне.
Вось ён стаіць у нас за сцяною хаты,
Зазірае ў акно,
Ценіцца мільгатліва праз краты.
Каханы пачаў казаць мне:
Устань, каханая,
Жарсцю маёй пагуканая, выйдзі!
Пабач сама: вось мінула зіма,
Дождж прайшоў, перастаў, прыстаў.
Краскі вытачыліся з зямлі паказацца вясне,
Час спеву прыспеў, і голас горліцы
Чуецца ў наскае старане.
Разняволілі смоквы пупышкі свае.
I лаза вінаградная квеціцца
I пахучасцю сябе выдае.
Устань, каханая,
Жарсцю маёй пагуканая, выйдзі!
Галубка мая,
У растрэшчыне скалы пад дахам аброву!
Пакажы воблік свой,
Дай мне ўчуць голас твой несуровы.
Бо голас салодкі твой
Западае ў душу глыбока,
I воблік паглядны твой прынадны для вока.
Лавеце лісіц, лісянятак лавеце,
Што хочуць вынішчыць вінаграднікі,
А вінаграднікі нашыя ў квеце.
Як званіцы звон,
Каханы мой мне належыць,
Пасвіць спаміж лілеяў ён
I там жа начлежыць.
Покуль дзень ахалодаю дыхае
I цені ўцякаюць ціхія,
Вярніся, будзь як сарна
Ці як алень малады
На растрэшчынах горнай грады.

ПЕСНЯ ТРЭЦЯЯ

На ложку сваім я ўначы шукала
Таго, каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла.
Але яго не знайшла.
Устану ж я ды пакружляю
Па месце, па вуліцах, па таргох,
Пашукаю таго, каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла,
Блукала, гукала, шукала,
Але яго не знайшла.
Пераўстрэлі мяне вартаўнікі,
Што места абходзілі нацямкі,
Я запытала: ці не бачылі вы яго,
Каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла.
Адно ад іх адышла, як адразу знайшла
Таго, каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла.
Ухапілася за яго й не адпускала,
Покуль у хаціну маці сваёй не прывяла,
Да пакою тае, што мяне зачала.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Сарнамі й палявымі ланямі,
Не будзіце маю каханую,
Не трывожце адхлання.
Хто гэтая, што ўзыходзіць з пустэльні,
Як слупамі дыму ахмараная
Мірам а фіміямам,
А ўсялякімі зеллямі міраварніка?
Вось узложжа ягонае — Саламонава:
Шэсцьдзесят дужасілаў наўкол
Самых дужых Ізраелевых —
Аж ад іх угінаецца дол.
Усе трымаюць па мечу,
А ў бітвах дасведчаныя.
У кожнага з іх
Меч ля сцягна дзеля жахаў начных.
Ношавае ўзложжа
Зрабіў сабе цар Саламон
З дрэваў лібанскіх гожа.
Стоўбчыкі ягоных гонкіх рэбраў са срэбра,
З золата зрабіў узлакоцце,
Седзішча з пурпуру зыркага,
Як сонейка на закоце.
Вонутры яго прыбралі няўрымсліва
Дочкі Ерусалімскія.
Выйдзіце й гляньце, дочкі Сіёнскія,
На цара Саламона,
Як небатварыць яго карона.
Укаранавала яго каронаю
Маці ягоная
У дзень вяселля ягонага
I ў дзень радасці сэрца ягонага.

ПЕСНЯ ЧАЦВЁРТАЯ

О ты, чароўная, каханая, мая адзіная,
Вочы твае галубіныя зоркамі
Пад хмурыністымі тваімі кудзёркамі.
Валасы твае — як козаў чародка,
Што з гары Галаадскае скоўзваюцца таропка.
Зубы твае, як авец астрыжаных статак,
Што выходзіць з купельні,
А ў кожнай авечкі двойца ягнятак,
А бясплоднай між іх няма такі.
Вусны твае, як стужка пунсовая,
Зразумелая сэрцу мова твая.
Як палавінкі яблыка гранатавага,
Шчокі твае пад кудзёркамі.
А яны не горкія.
Шыя твая, як стоўп Давідаў,
Збудаваны пад зброю,
Тысяча шчытоў вісіць на ім,
Як на апірышчы небасхілаў.
А ўсе шчыты дужасілаў.
Два саскі твае, сойчыкі, —
Як двайняткі сарначкі маладое,
Што пасвяцца спаміж лілеяў спакою.
Покуль дзень ахалодаю дыхае
I цені ўцякаюць ціхія,
Пайду я на гору тую,
Дзе шчырае міра душу ратуе,
I на ўзгорак, дзе раскошыста фіміяму.
Каханая мая, ты чароўная самая,
I няма на табе ні адзінюткага пляма.
Са мною з Лібану, маладая княгіня,
Са мною рушайся з Лібану,
Спяшайся з вяршыні Аману,
З вярхоўя Сэніру й Гэрмону,
З лагвоў ільвіных, з гораў леапардавых,
Са мною, сонца й поўнаты вартая!
А паланіла ты сэрца маё,
Без цябе яно гіне,
Сястра мая, маладая княгіня,
Адным узбліскам вачэй сваіх,
Адным узбліскам караляў,
Што шыю тваю абралі.
О, як люба мне кунега твая,
Сястра мая, маладая княгіня.
Як багаталепшая яна за віно
I пахучасць масцяў у ранняй расе,
За водары ўсе ў веснавым нахлыне.
Мёд пяшчотаў, як з сотаў,
Капае з вуснаў тваіх і не стыне,
Маладая княгіня.
Мёд з малаком пад тваім языком
I пахучасць шатаў тваіх расхваляваных,
Як пахучасць з Лібану!
Замкнёны сад, дзе важка кожнай галіне,
Сястра мая, маладая княгіня,
На ключ узятая студня,
Запячатаваная крыніца,
Смага прагне з яе напіцца.
Твае расаднікі — гранатавы сад,
Што песціць пагляд
Садавінаю, пахвалы найвышэйшай вартаю,
Дзе суседзяцца кіпры з нардамі,
Дзе не выстудзілі свой давер
Нард і шапран, цынамон і аер
З усялякімі пахучымі дрэвамі,
Дзе міра й алой п'яняць
Духмяністымі павевамі.
Крыніца садовая — студня водаў жывых,
Дзе не гасне променя ўспых
I вадабег несціханы з Лібану.
З поўначы, ветру, займіся
Ды з поўдня натніся,
На сад мой павей —
I духмені ягоныя разгавей.
Хай у свой сад прыйдзе мой каханы
I есць садавіну салодкую рассмакавана.

ПЕСНЯ ПЯТАЯ

Прыйшоў я ў сад мой у задуменні,
Як ва ўспаміне,
Сястра мая, маладая княгіня,
Набраў міра свайго з сваімі духменямі.
Наеўся з сотаў сваіх мёду, а ў насалоду,
Напіўся з сваім малаком віна, а дап'яна.
Бярэце дары, сябры пагуканыя,
Піце й сыццеся, укаханыя.
Я сплю, а сэрца маё чуняе, гоніць сон;
Во, голас майго каханага, гукае ён:
«Адчыні мне, сястра мая, мая каханая,
Мая галубка, мая беззаганная,
Бо галава мая ўся ў расе,
У начное валозе сукры ўсе».
Скінула я хітон з плячэй сваіх,
Як жа маю ізноў надзець?
Ногі вымыла на пагледзь,
Як жа мне пэцкаць іх?
Каханы руку сваю працягнуў праз шчалугУ
I ў нутры маім развярэдзіў тугу.
I ўстала рахмана я, каб адамкнуць каханаму.
I з рук маіх міра крапліста спадала,
I з кстоў маіх міра на клямку замка сцякала.
Адамкнула каханаму, а мой каханы
Павярнуўся й счэз нечакана.
Душа мая сябе не пазнала,
Калі казаў ён. Яго я шукала,
Ішла за голасам наўздагон
I не знаходзіла, яго гукала,
Ды не адгукаўся ён.
Пераўстрэлі мяне вартаўнікі,
Што места абходзілі нацямкі,
Збілі, зранілі, кіямі пеставалі,
Не маючы жалю,
Ахінала з мяне знялі
Тыя, што сцены меставыя вартавалі,
I пакінулі на зямлі.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Калі далёка ці блізка
Сустрэнеце майго каханага,
Што яму скажаце па весялосці?
Што я знемаглася з мілосці.
«Твой каханы за іншых ляпейшы чым,
Найпраўкраснейшая з жанчын?
Чым каханы за іншых ляпейшы якраз,
Што ты так заклінаеш нас?»
Мой каханы белы й румяны,
Ад дзесяцёх тысячаў іншых
Ляпейшы ён, бо чаканы.
Галава ягоная — шчырае золата,
Што сонцам мілуецца ўсё лета,
Хвалююцца ягоныя сукры няўзнач
Чорныя, як крумкач.
Вочы ягоныя — як галубы
Пры загонах водаў,
Што купаюцца ў малацэ, ацененыя лагодай.
Шчокі ягоныя — духмяны кветнік уцехі,
Пахучых раслінаў лехі.
Ягоныя вусны — лілеі,
На якіх разліваецца міра й само хмялее.
Рукі ягоныя — круглякі залатыя,
Не абшурпачаныя ганьбамі ды абразамі,
Круглякі з усаджанымі тапазамі.
Жывот ягоны —
Як выдаўбень са слановае косці,
Абкладзены сапфірамі млосці.
Галёнкі ягоныя — слупы мармуровыя,
Пастаўленыя на залатых подах,
Не зрушыць іх і ўраганны подых.
Выгляд ягоны падабраў падабенькі ў Лібана,
Вусны ягоныя — соладзь,
I ўвесь ён поўніцца любатой.
Гэта й ёсць сябра мой, дочкі Ерусалімскія!

ПЕСНЯ ШОСТАЯ

Куды пайшоў твой каханы,
Найпраўкраснейшая з жанчын?
Куды ён падаўся, ахінуты журбою,
Мы пашукаем яго з табою.
У сад свой пайшоў мой каханы,
У кветнікі духмяныя,
Каб пасвіць у садох і лілеі
Збіраць, покуль ліст не засох, не спазніцца.
Я належу каханаму, як званіца звону,
А каханы — мне, як званіцы звон,
Бо смутак знадзеяў,
Пасвіць ён спаміж лілеяў.
Чароўная ты, як Фірца, мая каханая,
Любая, як Ерусалім, грозная сваімі чарамі,
Як паводка палкоў са штандарамі.
Ухілі ад мяне вочы свае —
Пестуны вясны, —
Во хвалююць мяне яны.
Валасы твае — як козаў чародка,
Што з Галаада скоўзваюцца таропка.
Зубы твае — як авец астрыжаных статак,
Што выходзіць з купельні,
А ў кожнай авечкі двойца ягнятак,
А бясплоднай між іх няма такі.
Як палавінкі яблыка гранатавага —
Шчокі твае пад кудзёркамі,
А яны нягоркія.
Ёсць шэсцьдзесят царыцаў
I восемдзесят належных наложніцаў,
I дзяўчынная безліч множыцца.
Ды адзіная яна, галубка мая беззаганная,
Адзіная ў матулі яна адна,
Адрозная ў нарадзівіцы сваёй яна.
Пабачылі яе дзяўчыністыя —
I ўзвысілі аблачыніста.
Царыцы й наложніцы ўбачылі
I, услаўляючы яе, сябе зыначылі.
Хто гэта зіхоткая, як дзянніца,
Праўкрасная, як поўната,
Што ў нябёсы пяшчотай патонута,
Светлая, як сонца,
Што грэе жыццёвае ўлонца,
Грозная сваімі чарамі,
Як паводка палкоў са штандарамі.
Я спусцілася ў сад, дзе лушчэлі ляшчыны,
Падзівіцца з зеляніны даліны,
Паглядзець, ці распусцілася лаза вінагарадная,
Ці ўзрадавана
Гранатовыя яблыні расцвілі і калі?
Не ведаю, як дамкнула мяне
Душа мая, цуду ў дагоду,
Да калясніцаў славутых майго народу.

ПЕСНЯ СЁМАЯ

Азірніся, азірніся ты, Суламіта,
Азірніся — дай успомніць
Прыгажосць забытую.
Што ваш позірк гэтак пасвіць Суламіту,
Манаімскі карагод яна нібыта?
Ногі гожыя твае абутыя ў сандалы,
Панавітая дачка пяшчоты й шалу.
Сцёгнаў тваіх круглавітасць —
Гэта цупкія каралі,
Якія рукі кудзейніка ўмелага выкруглялі.
Жывот твой — круглая чара,
У якой не пакажа ніколі дно
Пахучае ды п'янкое віно.
Чарэва тваё — спякотны сумёт пшаніцы,
Аздоблены лілеямі ніцымі.
Два саскі твае, два сойчыкі, як казляняткі,
Пудлівай сарны блізняткі.
Шыя твая — як слуп са слановае косці,
Велічны ў сваёй высакосці.
Вочы твае — азерцы Гэшбонскія,
У якіх глыбініцца брама рашучая Батрабіму,
Смуткам захмарыць яе немагчыма.
Нос твой — вежа Лібанская,
Што павярнулася, каб паказацца Дамаску.
Галава твая на табе, як Карміл,
Валасы на тваёй галаве —
Пурпур, дзе полымя агніста жыве,
Каб світаў небасхіл.
I цар на троне
У сукраў тваіх у палоне.
Якая зграбная ты, якая прывабная,
Якая ты гожая сваёй ахарошаю.
Падобны да пальмы стан гэты гонкі,
I грудзі твае — як вінаградныя гронкі.
Падумаў: я ўзлезці на пальму павінны,
I ўчупіцца ёй у галіны.
I грудзі твае будуць гронкамі вінаграду,
I пах ад ноздраў тваіх,
Як ад яблыкаў, на прынаду.
Вусны твае —
Як адменнейшае віно,
I цячэ яно да сябра майго спакусна,
Стомленыя салодзячы вусны.
Як звону званіца,
Належу я сябру вернаму,
I да мяне жаданне ягонае звернута.
Хадзі, мой каханы, пойдзем у поле,
Абначуем на волі ў сёлах вясёлых.
Раннім раннем пойдзем у вінаграднікі, глянем,
Ці распусцілася лаза вінаградная,
Ці лопнулі пупышкі палахлівыя,
Ці цветам радуюць яблыні гранатовыя,
Там кунежыць цябе гатова я.
Мандрагоры ўжо не ўтрымалі
Свой пах малады,
I ля кожнае брамы ўсялякія харашэюць плады,
Новыя а старыя, а іх нямала,
Гэта я табе, каханы мой, захавала.

ПЕСНЯ ВОСЬМАЯ

О, калі б ты быў мне за брата,
Якога маці мая сваімі грудзьмі сасіла,
Я б, сустрэўшы цябе на вуліцы, невінавата
Цалавала б і да сэрца туліла,
I мяне б не папракалі зацята.
Павяла б я цябе,
Прывяла б да матулі маёй у дом,
Я паіла б цябе пахучым віном,
Яблыкаў маіх гранатовым сокам,
Каб п'янеў няўрокам.
На лявіцы ягонае галава мая,
А правіца бяссоная мяне абдымае.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Не будзіце, не турбуйце каханую,
Самой лагодай прыспаную.
Хто гэта ад пустэльні ўзыходзіць, .
З небам высока раючыся,
На свайго каханага ўзіраючыся?
Пад яблыняй я цябе разбудзіла:
Там цябе маці твая нарадзіла,
Там цябе нарадзіўца твая нарадзіла на дзіва.
Пакладзі мяне на сэрца сваё, як пячаць,
На руку сваю пакладзі — прыручаць:
Бо моцная, як смерць, мілосць,
Лютая, як апрамецце, зайздросць.
Стрэлы ў мілосці — агнявітыя стрэлы,
Яна — тое полымя,
Што перашкоды нідзе не сустрэла.
Вялікія воды загасіць не могуць
Мілосці тае,
I рэкі не заліюць яе.
Калі б хто даваў за мілосць
Усё багацце, што ў доме ягоным ёсць,
З рашучасцю ўпартаю
Ён адрынуты быў бы з пагардаю.
Сястра ў нас малая,
Яна яшчэ саскоў не мае,
Што рабіцімем з нашай сястрою,
Калі будуць сватацца да яе не парою?
Калі б яна была сцяна,
Дык, не шкадуючы ні дзён, ні працы,
Пабудавалі б мы на ёй
Са срэбра палацы.
Калі б яна была дзверы —
Кедровымі дошкамі абшалявалі б яе да меры.
Я — сцяна, і ў мяне саскі, як вежы,
Таму ў вачох ягоных буду поўнатаю хацежы.
Вінагараднік меў Саламон у Ваал-Гамоне,
Ён здаваў вінаграднік гэты вартаўнікам.
I кожны з вартаўнікоў тады
Меў даваць тысячу срэбнікаў за плады.
А мой вінаграднік у мяне пры сабе.
Тысяча хай табе, Саламоне,
А дзвесце — ім, што праз гады
I ў яснадзень і ў сутонне сцерагуць плады.
Жыхарка садоў!
Сябры цешацца з голасу твайго,
Дай і мне паслухаць яго.
Барздзі, мой каханы, мой сон бясхмарны,
Будзь падобны да сарны
Ці да маладога аленя,
Бяжы наперадзе свайго ценю
Па горах самых бальзамавых.