Не ўзвышэнне сябе самога...

Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)
                                    Бо не ад усходу і не ад захаду
                                    і не ад пустыні ўзвышэнне...
                                                                  Псальм 74:7

Не ўзвышэнне сябе самога,
А ўзвышэнне з самога сябе.
Непадсільная перамога
У няскончанай барацьбе.

Не ў дагоду
Сцежка з усходу,
А ў халодную ноч вядзе.
Захад захады робіць,
Выгоду
Выглядае сабе кагадзе.

I спякотны вецер з пустыні
Не асушыць слёзы з вачэй.
Дол нагрэецца ды астыне.
Разбаліцца боль балючэй.

Над забытасцю, над імшою,
Над прадоннем цёмнай маны,
Над спустыненаю душою
Мусіць голас узвысіць
Нямы.

Мелкія ў суцяшэння кішэні,
Хто не клаў у іх, той дастае.
Узвышаймася.
Во на ўзвышэнне
Вышыні ў нябёсаў стае!