У свеце жыў, нібыта ў пуні, я,
Не разумеючы нічога.
Але пралегла ў сэрцы Вунія —
Дарога ясная да Бога.
I гэтаю дарогай шчыраю
Памкнуліся мае памкненні,
Як птушкі на радзіму з выраю,
Нібыта ў вырай летуценні.
Душа, як рыцарскімі латамі,
Затуленая ад заганаў, —
Святло ўзышло над уніятамі,
Калі Гасподзь на грэшных глянуў.
Жыццёвы дол усланы цернямі.
Усе пагляды ў неба ўзняты.
Пакорнікамі богавернымі
У свет прыходзяць уніяты.