Бачу вочы Твае...

Сярэдняя: 4.3 (6 галасоў)
                                    Не схавай ад мяне аблічча
                                    Свайго...
                                                            Псальм 26:9

Бачу вочы Твае,
Хоць Цябе я не бачыў ніколі.
Чую голас Твой вышні,
Хоць ніколі не чуў я Цябе.
Гэтак вязень сляпы
Бачыць вочы забытае волі,
Гэтак чуецца голас знядзелены
Немай мальбе.

А Табою малюся,
А Табою смялею й баюся,
А Табою дазволены жыць,
Паміраю й жыву,
А Табой паддаюся,
А не паддаюся спакусе,
А са страхам і верай
На плаху Тваю
Я кладу галаву.

Чуць ды бачыць Цябе —
I зашмат, і замала.
Гэта ласка нябесная —
Слухаць Тваю цішыню.
Ты задумаў мяне
Мудра а дасканала.
Я пахібіў Твой плён,
I сябе я за гэта віню.