Міклашэўская Феліцыя Антонаўна,
Матка хросная мая
(Па-ўшацку — Фэля),
Чарку поўніла, каб злоснікі затонулі,
I піла, каб і зайздроснікі ўхмялелі.
I ў гарод, нібы ў касцёл,
Ішла святочная.
Сын загінуў.
Муж памёр.
Не прышукаўся зяць.
Жартавала,
Хоць канцы з канцамі сточвала:
— Ёсць, было, і ведаю,
Адкуль узяць!
Бражку гнала,
Не давала ёй адстояцца,
Субяседніца,
Спагадніца,
Застольніца:
Не пі куба да Якуба
Ані да Міхала.
Ані ты, ані я —
Кунпанія цала.
Быццам нітку баваўняную з ваўнянаю,
Слова польскае з вушацкім
Перасуквала.
Модлы ціхія
З паганскай песняй Янавай
Перамешвала,
Частушкай перагуквала.
Выхадзіла пані Яня,
Танцавала вальцы,
Цалавала пані Яня
Пану Яну ў пальцы.
I ражкі бялюткай хусткі ў смеху трэсліся,
На вузельчыкі пад барадой завязанай.
I гасцінца у хусцінцы несла хрэсніку.
Не сварылася ні з крыўдай, ні з абразаю.
Урачыста-засмучоная,
Як Радаўніца,
Велікодна-захмялелая,
Як раніца,
Нагарбелася над лехамі, над кроснамі
Кшчоная няхітрай песняй
Матка хросная.