Беларусы ўсіх краёў, яднайцеся!
Нас няшмат, а будзе менш яшчэ,
Як адступім, зломімся пад націскам,
Як ад нас рашучасць уцячэ.
Праз усе вякі нас толькі ціснулі
I хадзіць хацелі як па тлі,
Нас душылі волгамі і вісламі,
Кожны тужыў зашмаргу пятлі.
Нас турылі з Бацькаўшчыны, з Дзедзіны,
Нам, панам крывіцкае зямлі,
Котласы, Чарнобылі адведзены,
Маем права мы на мазалі.
Нас палілі, катавалі, праталі,
Малацілі нас, нібы кулі,
Каралі, забойцы, імператары
I бацькі працоўных мас,
Калі
Беларусь, як палатніну, кроілі
На мундзіры ды на каптаны,
Каб магілы з нашымі героямі
Уціскалі валуны маны.
Над святынямі пазруйнаванымі
Паклянемся дбаць пра карані.
Будзем Янкамі, а не Іванамі,
Што не ведаюць свае радні.
Працавалі мы на усе імперыі,
Папрацуем на сябе, браты.
Дык адродзімся душой і вераю.
З намі Бацька Бог
I Дух Святы!