Акафіст Уладзімеру

Яшчэ не ацэнена

Ён нарадзіўся —
I зрабілася болей на адну зорку
У сузор'і славутых імёнаў Беларушчыны.
Уладзімер Караткевіч прыйшоў,
Каб сцвердзіць жывучасць
I трываласць духу беларускага,
Усёабдымнасць крывіцкага розуму.
Ён быў дойлідам,
Які ўзводзіў светлы гмах,
Цвярды мур для беларускай душы,
Выгнанай з дому свайго чужынцамі.
Ён быў майстром цяжкой
I няўдзячнай справы —
Лучыў ланцуг часін парваных.
Шчырэў адзін за ўсіх.
Ён быў майстрам
I чаляднікам у сябе ж самога,
Бо памагатых не меў.
Небяспечнай была справа,
Якой аддаў гады свае
Беларускі геній.
Ён быў аратаем,
Які араў дзірваны
Бяспамяцця й знявагі,
Крыўды й абразы.
Ён быў сейбітам,
Які сеяў зерне любові
Да ўсяго роднага, наскага,
Крывіцкага,
Ён сеяў зерне думкі,
А такое зерне дае
Рунь надзеі.
Звышнім пасланы быў нам
Уладзімер, сын Сямёнаў,
Каб не забыліся,
Што мы беларусы,
Што мы народ,
Варты ўвагі сусветнага людства.
Гісторыю твораць асобы.
Уладзімер Караткевіч
Тварыў нашую гісторыю.
Ён зрабіў свой вольны пераказ
Аповесці старавеччыны.
I пераказ гэты быў дакладны,
Бо пераказаны сэрцам,
Закаханым у крывіцкасць,
Сэрцам аднаго
З найлюбімейшых сыноў Беларусі.
Зямны й даступны ў штодзённым бытаванні,
Уладзімер Караткевіч быў недаступны
Падчас размоваў сваіх з Вечнасцю,
Калі адкрываліся яму
Вяршыні горныя ісціны й сэнсу.
Ён падставіў сваё інтэлігенцкае плячо
Пад непамерную ношку,
Якую неслі Кастусь Каліноўскі
I Янка Купала.
Ён нёс і не гнуўся.
Ён нёс свой крыж,
Ён нёс свой крыж і за нас.
Будзьма любіць Беларусь
I быць ёй адданымі,
Як Уладзімер Караткевіч,
Каб вярнулася святло
У душы нашыя,
Каб цемра ад нас адвярнулася.
На развітанне нястомны працаўнік,
Як трохзор'е,
Як трохзярняцце,
Абраніў трохслоўе:
Быў. Ёсць. Буду.
Гукнем жа ўслед глыбіннадумцу,
Гукнем яму ў вячніну:
Быў! Ёсць! Будзеш!
Будзеш!
Будзеш!