Звінеў, як посуд, местачковы люд,
Хто йшоў, хто бег, нібы ўхапіўшы жару.
Мястэчка не бывае без базару,
Дзе клопат счэша ўсім бакі, як склюд.
I прадаваўся тут і цуд і ўпуд.
Хапала воку рознага тавару.
Вяртаўся адзінец дадому ўпару.
I на фунты шчадрэў скупечы пуд.
Як снег, рублі навенькія хрумсцелі.
Нясмела пазяхалі медзякі.
Як морква-каратэлька, карацелі
Дні ў маладзіц, якія прадавалі
Усмешкі лета з лёгкае рукі
I цяжка безбацькоўцаў гадавалі.