Зоркі нашыя

Сярэдняя: 4.5 (8 галасоў)

Зоркі нашыя ў небе без нас
Пазнаёміліся выпадкова.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Прашапталі спрадвечнае слова.

Зоркі нашыя ў небе без нас
Шчырасцю незямной пакляліся.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Зазірнулі ў прадонныя высі.

Зоркі нашыя ў небе без нас
Весці нас па зямлі захацелі.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Думалі аб патайным вяселлі.

Зоркі нашыя, толькі б не згас
Позірк ваш і ў начы, і ў блакіце!
I апошнюю сцежку для нас
Велікодным святлом асвяціце.