Жыццё пылінку вечнасці сваёй
Пазычыць пад настрой, але адразу
Цярпець прымусіць крыўду і абразу,
Вярнуць пазыку хочучы з ліхвой,
Хвароба ходзіць лекаркай глухой,
Пра што не запытай, не дасць адказу.
I ў злой залеве не знайшоўшы лазу,
Стаяцьмеш пад дзюраваю страхой.
Пакора працавітая, нямая
Спяшаецца ў гасподу небыцця...
У доўг зямля жывое ўсё трымае.
Трасецца над адсоткамі мяняла.
Нябожчыка хаваюць ад жыцця,
Каб больш яно свой доўг не спаганяла.