Як вечар, свечка...

Яшчэ не ацэнена

Як вечар, свечка светла дагарае,
I мы чакаем, покуль дагарыць,
Апошняя хвіліна дарагая
Нам дазваляе ўсё дагаварыць.

Нам дазваляе нашае расстанне
Расстацца сёння, ды не назаўжды,
Смуга растане, смутак — не растане,
Чакаць нас будуць нашыя гады.

I жыць мы будзем гэтымі гадамі,
Што нас сустрэлі святам на зямлі,
Ліст жоўты нам пра восень нагадае,
Зялёны — пра вясну, ў якой былі.

I вечар дагарыць, і ноч настане,
Ды ўжо не наша ноч упершыню.
Нясмелае, як першае каханне,
Світанне будзе слухаць цішыню.