Я ёсць таму, што Вы былі са мной,
Што ў думках Вас я называў сваёю.
Я ціха сам дамовіўся з маной
Спрыяць майму шалёнаму настрою.
Ды я дапраўды знелюбеў мане,
Яна Вам змоўцу выдала з ахвотай,
Без Вас мяне няма, няма мяне,
Апаленага Вашаю пяшчотай.
Вы распалілі вогнішча ўва мне.
Яно гарыць, і я ў ім дагараю.
Няўжо ў траецкім ці ў грамнічным сне
Стаялі Вы на ганку небакраю?
Смуга тугі ў душы не растае.
I новы ганак чуе крокі рання.
Я дагару, пагаснуць дні мае,
Ды не пагасне вогнішча кахання.