Спакуса

Яшчэ не ацэнена

З цыкла «Біблейскія балады»

У сад Эдэмскі пасяліў Гасподзь
Адама голага й заўважыў ціха:
— Усё тваё.
Адно не падыходзь
Да дрэва ведання дабра і ліха.

З Адамам Ева голая была.
Слоў сораму не вымаўлялі вусны.
Цяпла ставала і было святла.
Але аднекуль выпаўз
Гад спакусны.

I надкусілі яблык сакаўны —
I сплыў туман з вачэй,
Не стала казкі.
I ўбачылі, што голыя яны.
Сплялі з лістоў фіговых папяразкі.

Бог выкляў гада, загадаў яму ж
Пыл тлусты есці і хадзіць на бруху.
I Еву вырак:
— Панам будзе муж.
У скрусе нараджацьмеш,
Слухаць скруху.

— Жывіцца будзеш палявой травой, —
Сказаў Адаму, —
I карміцца з працы.
З зямлі ты ўзяты, станеш зноў зямлёй.
Ты пыл і пылам мусіш паўтарацца.

Бог выгнаў грэшнікаў з Эдэму вон,
Адзеў іх у адзежу скураную.
I кожны чалавек да скону дзён
Хітруе, спакушаецца, раўнуе.

Дык хто наслаў спакусу,
Гад ці Бог?
Хто Еву хітрым надзяліў імпэтам?
Калі б Адам спакусу перамог,
Ці мы былі б цяпер
На свеце гэтым?