Мне сумна, як самотнаму ваўку.
Распальваю камін. З агнём жартую.
I незабытна ўспамінаю тую,
Што не збылася на маім вяку.
Дзівосы толькі сняцца дзіваку.
Ён носіць торбу выгады пустую.
I сам сябе ратунак не ўратуе.
I трэба роўна йсці ў труну цвіку.
Падміргвае, як змоўца, таямніча
Агонь, пакліканы з былых вякоў.
I кліча й кліча слічнае аблічча
З тых дзён, што ўжо не вернуцца ніколі.
У смутка не бывае двайнікоў.
Самотніку не вырвацца з няволі.