Пімену Панчанку Хвалу ўздавала небу нашча Здаўна Лясная старана, Некарчаваны слухаў прашчур Маўчанне перуна. Ад клопату адчуўшы продых, Надзею ўсклаўшы на вясну, Сырому дубу кленчыў продак, Маліўся перуну. Пярун праходзіў бураломам. Ратай — звяздар і аграном На злыдняў слаў Маланку з громам, Бажыўся перуном. А я на лусту аржаную Шапчу: — Кусціся, ярына! Прыглухлай бояззю шаную Маўчанне перуна. Чалом б'ючы сваім асновам — Ад курганоў да згаслых трун — Параіцца хачу са словам, Пакуль маўчыць пярун. Да сэнсу хочацца прабіцца, Як арганаўту да руна. Яна баіцца, Навальніца, Маўчання перуна.