Цыгарэтны туман ападае ў кавярні,
I канкрэтны раман круціць хітры ліхвяр,
Пані трошкі ў гадах, вочы быццам ліхтарні,
Тут слугуе туга, тут настрой гаспадар.
Чаркі змову вядуць, захапляюцца плёткі.
Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары,
I хмялее ліхвяр, і не лічыць адсоткі,
I штурхаецца жарсць у людскім гушчары.
Як на шалях маўчыць і пяшчота былая,
Здрада цёмных начэй і спагада завей,
I каменны камін сарамліва палае,
I ўцякае ўспамін ад абдымкаў далей.
Звыклі ўсе да ахвяр у нязвыклай ахвярні,
Чырванець перасталі сырыя муры,
Ашукацца прыйшлі ў непрабуднай кавярні
Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары.