Маміна паданне
Здарожаны Бог ішоў палыном,
З сабою ўзяўшы зямную стому.
Бачыць,
А баба белым бліном
Выцірае срачку малому.
А ў тыя часіны ад самай зямлі
На кожнай цыбатай сцябліне
Багатыя каласы раслі
I па чарназёме й па гліне.
I ў жменю сцінуў сцябліну Бог,
I ўгору павёў рукою.
I долу за коласам колас лёг,
I неспакойна стала спакою.
I голас прарэзаўся з нематы,
I сілу ўзгадала бяссілле.
З наўколля ўсяго сабакі й каты
Завылі ды загаласілі.
Абабегчы кожны ўзгорак і лог
Рэху хапіла хвілінаў.
I злітаваўся над жывацінамі Бог,
I колас апошні пакінуў.
Не зважыць той колас бясконцасць сама —
Не стане зорных бязменаў.
На сцябліне,
Дзе былі каласы нездарма,
Засталося дванаццаць каленаў.
Ці спіць цішыня,
Ці прачнецца гром,
Не мусім забыцца ніколі,
Што мы на гэтым свеце жывём
На сабачай
I на кацінай долі...