«Ты — белы воўк», —
Сказала мне
Да незабыту незабытая,
Якую я
Ні з кім не зблытаю
Ні пры святле,
Ні пацямне.
Разгублена перапытаў,
Які ён, белы воўк,
Тлумачыла:
«Я шэрага цябе не бачыла,
Ты белым не сягоння стаў».
У прочкі рушыла сама
Самота —
Недаверу хрэсніца.
«Ты — белы воўк» —
Мая зіма
Чорнапраталінкаю весніцца...