Аналіз лірычных твораў паэта

У лірычных творах філасофіі быцця Рыгора Барадуліна пераважае гарманічнае бачанне свету. Прыкладам поўнай згарманізаванасці пачуццяў лірычнага героя і настрою прыроды ў адлюстраванні Радзімы з'ўлецца верш “З-пад нахмураных броваў...”, якім пачынаецца кніга “Рум”. Душэўны стан лірычнага героя, яго здзіўленая зачараванасць убачанымі пасля доўгай адсутнасці краявідамі вельмі дакладна перададзены ў наступных радках: “Нават страшна дыхнуць - маладыя аблокі / Над Ушачынай ціха плывуць”. Улюбёнасць, што перапаўняе сэрца паэта, - гэта адначасова і ўсведамленне сябе мікрачасцінкай у сваёй далучнасці да вечнай, няспыннай плыні жыцця.

Постаць лірычнага героя твораў Рыгора Барадуліна даволі адметная: яна сінтызуе ў сабе некалькі, здавалася б зусім неспалучальных іпастасяў. Часам ён саліптычна эгаізаваны, засяроджаны на сваім “Я”, над сваёй сутнасцю. “Я” нібы пытае: хто яно? куды? навошта? чаму? і г.д. (“А можа гэта не я зусім...”; “Гук, украдзены ў маўчання...”; “У цяперашнім...” і інш.). Нездарма ў вершах кнігі вельмі шмат пытанняў, іншы раз зададзеных пра сябе непасрэдна чытачу, бо аўтар не ў сілах сам даць адказ (“У скрухі прашу суцяшэння...”). Менавіта па гэтай прычыне, а таксама таму, што лірычны герой шукае такога адказу не толькі для сябе, а для іншых - такіх, як ён, - пошукі распаўсюджваюцца на эга-сферу. Прычым распаўсюджванне настолькі маштабнае, наколшькі тонкае, асэнсаванне свайго ўнутранага свету. Аднак няма яўнай мяжы паміж суб'ектнасцю героя і акаляючым светам, пачынаючы быццам бы з драбязы - апошняга жоўтага ліста (“Жоўты ліст”), следу крэйды на асфальце (“А што было ў сярэдзіне зімы...”), страказы (“Ушацкі абразок”), сягаючы памераў нацыянальных (“Набела!”), нацыянальна-глабальных (лера-паэма “Самота паломніцтва”), касмічных (“Калі заблудзішся ў лесе...”). Ёсць знітаванасць усіх гетых узроўняў у большасці вершаў, што з'яўляецца адной з характэрных рысаў філасофскай рэфлексійнасці лірычнага героя (“За калядны стол”; “Успомненае цяпло”, “У адкрытым космасе”).

Што ж турбуе лірычнага героя, якія тэмы і праблемы ён паднімае і спрабуе вырашаць на кожным з названых (канешне, умоўных) узроўняў быцця? А паколькі яны сінкрэтычна знітаваны, то і методыка аналізу павінна мець шырокі характар, ахопліваючы іх па магчымасці цалкам, бачачы дамінуючы матыў у кантэксце астатніх.

Як ужо сказана вышэй, лірычны герой часта задумваецца над асабістым лёсам. Зрэшты, як і кожны чалавек, толькі боскім талентам абумоўлены большая чуллівасць і далікатнейшая тонкасць одуму паэта. Ён балюча ўспрымае сваю адметнасць ад бальшыні, ад кангламерату “купцоў” (“Лёс”), якім непатрэбна яго бясцэнная душа “на зямным базары”. Гэтыя словы, як і многія іншыя, аўтар атаясамляе толькі фармальна з сабой: яны тычаць кожнага, хто жыве перадусім душой у трохкутніку з цяперашняга, мінулага і будучага, “дзе кожны кут няўтульны і чужаваты” (“У цяперашнім...”). Паэт не стварае штучна сваю самоту. Яе і так хапае. І калі яго лірычны герой выстаўляецца як закінуты ў свет адзіночка (“Завыць ваўком зусім не проста...”), то ён не стараецца такую сітуацыю паглыбіць, пазбягае хваравітага дэкадансу, шукае выйсця. І знаходзіць, прычым не адно: “Пакуль жыву я, / Жыве таксама / На гэтым свеце / Са мною мама” ці: “Радуйся ў жыцці святлу і свету, / Верачы ў паганскую прыкмету: / Дабрыня шукае глыбіні”.

Любоў да жыцця, пяшчотная і моцная, знайшла водгук у многіх радках. Таму і просіць паэт: “Дазвольце затрымацца на зямлі / Мне... /”.

Няглядзячы на тое, што жыццё ў паэта - і “рака чалавечага болю” (“Спакойнае месца...”), і “змаганне з цемраю” (“З вышыні самалета”), нават нягледзячы на існаванне такой абсурднай і бязмежна жахлівай, асабліва для экзістэнцыялістаў, з'явы, як смерць, паэт не верыць, што ўсё скончыцца: “Не хоча паддацца бядзе, / Баіцца, / Што скрозь не паспее, / З палаты ў палату ідзе / Сястрой міласэрнай / Надзея”.

Каханне і любоў паэт праз лірычнага героя хоча данесці не толькі той, якую абагаўляе, нягледзячы на ману, але і да ўсяго вонкавага свету і душы кожнага з людзей. Бо, як прыкмецілі яшчэ ў старажытным Рыме і як адзначае аўтар, пасля кахання “застаецца сум” (“Сум”). Любоў - да продкаў, сяброў, усіх людзей разам і кожнага чалавека ў прыватнасці, радзімы, мастацтва і інш. - ці не галоўны кіт, на якім трымаецца чалавецтва, і ці не аснова творчасці як Р.Барадуліна, так і наогул.

Пашыраючы кантэкст, у якім знаходзіцца “Я” лірычнага героя, наступным маштабам будзе нацыянальны, прычым часта з гістарычным адценнем, якое дапамагае прасачыць лёс беларускай зямлі.

Гэта яскрава адлюстравана ў паэме “Самота паломніцтва”, якая прысвечана слаўнаму сыну нашага народа Францыску Скарыне, пра яго складаны лёс. Але мастацкая вартасць твора была б ніжэйшай, калі б не той факт, што паэма гэта не толькі пра яркую постаць Скарыны, а перш за ўсё - пра лёс генія ў нашым неадназначным свеце. Пры гэтым Р.Барадулін не пакінуў па-за ўвагай і нацыянальны фактар - лёс беларускай зямлі з яе атрыбутамі (культурай, мовай). Гэты фактар у розных сваіх праяўленнях раскрыты ў іншых творах. Кожны з іх передае шчымлівую любоў і шкадаванне сваёй радзімы ў розныя гістарычныя перыяды развіцця, а таксама людзей, якія перажывалі лёс радзімы, якія былі носьбітамі, часцінкамі яе лёсу. Таму храналогія твораў даволі разнастайная: ад часоў Скарыны да савецкіх рэпрэсій і Чарнобыля, - Беларусь і беларусы на сваім вяку нацярпеліся і церпяць дагэтуль. Шукаючы гэтаму прычыну, паэт метафарызуе: “Беларусь, / Цябе акрэсліў лёс, / Як развага на чало набегла, / Русь / Ён без чарнавікоў занес / На скрыжалі / Белую - / Набела!”.

Таму паэт моліцца за Бацькаўшчыну: “Хай свеціцца імя Тваё, Беларусь” (“Малітва наступнасці”), - дзе слова “свеціцца” набывае канатацыю ў сувязі з радыёактыўным выпраменьваннем пасля аварыі на ЧАЭС. “Малітва наступнасці” па сутнасці песімістычны верш. Лірычны герой нібы згаджаецца з лёсам роднай краіны, знаходзячы нават аналогіі ў гучанні слова “радыяцыя” з назвай святога для пашаны продкаў беларусаў.

Ускосным доказам гэтых пачуццяў з'яўляюцца вершы, у якіх Беларусь разглядаецца не востравам у еўрапейскай цывілізацыі, а часткай, канешне, адметнай і арыгінальнай, але не выпадаючай з агульнага кантэксту, асабліва, што тычыцца мастацтва. Доказам таму - дзве глабальныя постаці геніяў беларускай зямлі, абмаляваныя аўтарам у сваіх вершах, - Францыск Скарына (паэма “Самота паломніцтва”) і Марк Шагал (“Сустрэча”, “Марк Шагал”). Абодва яны зрабілі важкі ўнесак у скарбонку сусветнага мастацтва і культуры. У “Сустрэчы” нібы зашыфравана сённяшняе чаканне лірычнага героя прыходу Еўропы (Марка Шагала) у Беларусь (Віцебск). Напрыканцы гучыць усё той жа барадулінскі матыў спадзявання. Гучыць на лацінскай - класічнай еўрапейскай - мове, якая на практыцы ўжо амаль не выкарыстоўваецца. Ці не папярэджанне гэта для беларусаў? Лірычны герой спадзяецца, пакуль жыве, і гэта надзея, мяркуючы па іншых творах, сапраўды будзе паміраць апошняй. Астатні, ўмоўна вызначаны, узровеньм - касмічны - прысутнічае ў кожным з апісаных. Больш таго, прама ці ўскосна да яго звяртаецца паэт ледзь ні ў кожным творы, востра адчуваючы сябе, блізкіх, Бацькаўшчыну, Зямлю складнікамі нечага невымернага, элементамі космасу, часцінкамі боскага сусвету (цыкл трохрадкоўя “Трыпутнік”). І з гэтым адчуваннем прыходзіць разуменне немагчымасці існавання цэлага без часцінак, кожная з іх сама па сабе, цэлы свет, і часцінкі без сусвету з яго непаўторным калейдаскопам быцця.

Усё гэта - ад малога да касмічнага - прасякнута не сухасцю філасофіі, а пачуццямі любові і чалавечнасці, афарбаванымі ў паэтычным колеры Творцы, пачуццямі, з якіх пачынаецца наш бясконцы свет, пачуцямі, якія немагчыма дакладна і поўнасцю апісаць - імі трэба жыць.